З мінулага Васкрасенскіх цэркваў у Магілёве

 
Гісторыя гэтых культавых устаноў практычна невядома. У гістарычнай і краязнаўчай літаратуры сустракаюцца кароткія звесткі пра іх месцаз- находжанне, у тым ліку і на мапах. Больш меньш грунтоўных артыкулаў пра гэтыя цэрквы проста няма. Гэты факт сведчыць не аб поўнай адсутнасці дакументальнай базы, а аб слабым узроўні вывучанасці дадзенай тэмы. Цэрквы Далёкая ці Дальняя і Блізкая ці Бліжняя Васкрасенскія знаходзіліся непадалёку і насілі аднолькавыя назвы, у дакументах іх пераблытвалі і дакладна цяжка цэрквы адрозніваць і разумець іх мінулае. У літаратуры назвы цэркваў па рускі і па беларускі часцей ужываюць аднолькава.[16, с. 262].
У запісках ігумена Арэста ёсць звесткі ад 30 мая 1672 года пра прывілей караля Міхала Вішнявецкага, у якім ён дазваляе магілёўскім мяшчанам пабудаваць у горадзе Блізкую Васкрасенскую царкву пры новай плошчы і новым рынку. Таксама распавядаецца, што прыхаджане раней мелі сваю прыходскую Раства-Багародзіцы царкву, якая была спалена пад час захопа горада казакамі Налівайкі ў 1595 годзе. Праўда, указваецца, што гэта быў Павел Налівайка, на самой справе Севярын. Згадваецца месца існавання царквы Раства-Багародзіцы, якая знаходзілася побач з Віленскай заставай, пры павароце з Віленскай вуліцы да Пушкарэвічавай вуліцы на вуглу правым. Таксама указваецца, што прыхаджане гэтай царквы адносіліся да прыходу Дальняй Васкрасенскай царквы, якая была ў месцы на якім стаяў Іосіфаўскі
Кафедральны сабор. Гэтыя звесткі можна лічыць асновай артыкула, да якой можна далучыць асобныя гістарычныя факты.[1, с. XXIV]
У 1595 годзе казакі начале з атаманам Севярынам Налівайкам спалілі і разрабавалі Магілёў, у тым ліку сем праваслаўных цэркваў. Пэўны час, у канцы ХVІ-пачатку ХVП стагоддзя ў горадзе не хапала царкоўных устаноў і паўстала пытанне аб іх будаўніцтве. У 1609 годзе, магчыма крыху раней, у Магілёве была пабудавана Васкрасенская царква, якую пазней назвалі Далёкай ці Дальняй. Спрэчным было пытанне аб прыналежнасці царквы гарадскім парафіям. 17 ліпеня 1609 года святар казьмадзем’янаўскай царквы Нестар Івашкевіч пакладаў прад магілёўскім лентвойтам Мацеям Сухадольскім , бурмістрамі Іванам Тарасавічам і Ярмолаю Анапрэевічам, а таксама прад райцамі і лаўнікамі ліст яго міласці караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ. У гэтым лісце кароль дазволіў святару Нестару Івашкевічу і яго бацьку служыць у новазбудаванай царкве Васкрасення Хрыстова, якую быццам будавалі парафіяне казмадзем’янаўскай царквы. Магістрат разгледзіў гэтае пытанне і не згадзіўся з каралеўскім рашэннем. Справа ў тым, што царкву пабудавалі на пляцу мескім у парафіі мікольскай па вуліцы Шклоўскай. Будаванне царквы тлумачылася тым, што раней непадалёку існавала царква Раства-Багародзіцы, але яе спалілі ў 1595 казакі Налівайкі. Пляц на якім пабудавалі царкву не належыў замку ці казмадзем’янаўскай царкве, да, і ўзвялі яе парафіяне царквы мікольскай. Таму правоў на Васкрасенскую царкву Нестар Івашкевіч не меў, што і было запісана ў кнігах магілёўскага магістрата. Тым больш, на старым царковішчы была зноў пабудавана казмадзем’янаўская царква.[2, с. 285-286]
Да канца невядома, ці была Васкрасенская царква раней 1609 года. У ХУІ стагоддзі ў спісе спаленых Налівайкам цэркваў яе няма. Чаму царкву не аднавілі ў месцы, дзе была царква Раства-Багародзіцы, а выбралі новы пляц казаць цяжка? У 1619 годзе ў Магілёве былі зачынены праваслаўныя цэрквы, таму што магілёўскія месцічы не пусцілі ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў горад. У спісе “діпламата”, дадзеным каралём Рэчы Паспалітай Уладзіславам W і пацтверджаным на генеральным сейме 1635 года аб размеркаванні уніяцкіх і праваслаўных цэркваў, Васкрасенская царква згадваецца як праваслаўная. Яшчэ ў дакументах архіва заходнерускіх уніяцкіх мітрапалітаў гэтую царкву запісвалі “белай”. Чаму невядома? Магчыма з-за вонкавага выгляду.[17, с. 241-242]
У 1612 годзе ў Васкрасенскай царкве адбылося злачынства, якое здейсніў мясцовы панамар Мацей. Яго справа разглядалася на гайным судзе, на якім кіравалі магілёўскі лентвойт Мацей Сухадольскі, бурмістры Анісім Ісакавіч і Багдан Ігнатавіч, а таксама райцы і лаўнікі. Парафіяне царквы Святога Васкрасення пан райца Цімафей Гапонавіч, пан Фёдар Філіпавіч, Макар Філіпавіч , Мікіта Андрэявіч і Купрэй Анікеявіч самі ад сябе і ад іншых прыхаджан праз Канюту Марціновіча скардзіліся на Мацея панамара, а таксама на Дзяміда Арцёмавіча магілёўскага месціча. Панамар служыў у царкве доўгі час, але аднойчы , “набраўшыся злой волі”, здейсніў крадзёж. З 6 на 7 красавіка, у ноч з пятніцы на суботу панамар узламаў акно і украў евангелле ў срэбранай вокладцы, келіх срэбраны залатога колеру, срэбраныя розныя прадметы: міску, крыж, блюдцы і іншыя. На наступны дзень аб гэтай падзеі размаўлялі месцічы на гарадскім рынку. Усіх здзівіў факт, што 10 красавіка Дзямід Арцюхавіч прадаваў на рынку срэбраныя сліткі і ў выніку прадаў мясцовым яўрэям іх 27, а Амельян Хацкоў прадаў 13 сліткаў. Невыпадкова іх і абвінавацілі ў крадзяжы. Гэта было вельмі відавочна. Дзямід паведаміў на судзе, што ў мінулаю нядзелю ён ішоў з Дзебры з гулянкі і зайшоў за хату свайго брата Ігната Лабка, каб справіць натуральную патрэбу. Там ён убачыў панамара, які хаваў срэбра пад бярвеннямі. Мацей панамар распавядаў яму пра свой учынак і прасіў не данасіць уладам. Дзямід узяўся прадаць срэбра на рынку, а грошы падзяліць, а таксама далучыў да гэтай справы сябра Амельяна Хацкова. Панамар казаў на судзе, што паведаміў Дзяміду аб крадзяжы ў Васкрасенскай царкве. Той жа адмаўляў гэта і тлумачыў, што не ведаў адкуль срэбра было, можа с Масковіі? Калі панамар быў на споведзі, то нажом скалоў с абраза Цела Божае. На судзе ён казаў, што гэты нож да турмы яму падаў Грышка Вайцэховіч, які сенам гандлюе, а за прудом мешкае на мастку. Суд на адзін тыдзень адлажыў пакараненне, дазволіў звярнуцца да апеляцыі. Мацей панамар быў скараны полымем на горле і спалены. Такую цяжкую кару выкарыстоўвалі за святататства. Дзямід быў прысуджаны да такога жа пакараняння, але ажыццявілася яно ці не невядома. Матэрыялы справы поўнасцю не дайшлі да нас. Гэта судовая справа змяшчае пэўныя звесткі пра маёмасць царквы, якая валодала значнай колькасцю прадметаў з срэбра. [2, с. 320-323]
Вядома пра Васкрасенскую царкву таксама з ліста караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта ІІІ адносна адкрыцця ў Магілёве праваслаўных цэркваў зачыненых у 1619 годзе. Ігумен Спаскага манастыру Гервасій Гасцілоўскі перадаў у гарадскі магістрат ліст караля ад 23 снежня 1628 года, у якім Жыгімонт ІІІ адказаў на прашэнне магілёўскіх паслоў на трохтыднёвым сойму ў Варшаве аб адкрыцці ў горадзе Васкрасенскай і Вазнясенскай ці Пакроўскай цэркваў. Справа ў тым, што ў 1627 годзе ўлады адчынілі Васкрасенскую і Вазнясенскую цэрквы, але пад ціскам уніатаў зноў іх зачынілі. Праваслаўныя вернікі Магілёва тлумачылі сваё прашэнне тым, што ў горадзе дзетак няма дзе хрысціць і хворым няма магчымасці ажыццявіць споведзь прад смерцю. Жыгімонт ІІІ Ваза ў лісце ўспрымаў зачыненне праваслаўных цэркваў у горадзе як пакараненне за супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні да полацкага ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча ў 1618 годзе. Таксама ён заклікаў праваслаўных святароў і вернікаў пераходзіць да уніятаў. Таму мары праваслаўных вернікаў не спраўдзіліся, а Васкрасенская царква засталася зачыненай.[2, с. 420-421]
У літаратуры ёсць звесткі аб тым, што ў Магілёве ў праваслаўных не былі адабраны ўніятамі чатыры царквы: Васкрасенская, Вазнясенская, Прачысценс- кая і Троіцкая. Гэты факт памылковы і не адпавядае рэчаіснасці. Усе гэтыя пра- васлаўныя цэрквы былі зачынены Жыгімонтам ІІІ. Яго сын, кароль Уладзіслаў ІУ, у лісце ад 1 лістапада 1632 года аб адкрыцці ў Магілёве праваслаўнай епархіі пералічыў менавіта гэтыя цэрквы, як праваслаўныя. Праўда, гэтыя цэрквы ў 1632 годзе яшчэ не былі перададзены праваслаўным. Адсюль і чуткі, быццам яны ў перыяд з 1619 па 1633 гады не зачыняліся.[15, с. 62-66]
Згадваецца Васкрасенская Далёкая царква і ў 1651 годзе, у сувязі з запісам у магістрацкія кнігі адной падзеі. У гэтым годзе праваслаўны вернік дадзенай культавай установы Іван Андрэявіч дараваў вышэйзгаданай царкве ўчастак зямлі з садам і агародам на выгане, недалёка ад Васкрасенскай Далё- кай царквы. Падобных фактаў даравання цэрквам ад асобных людзей маёмас- ці ці грошаў захавалася ў кнігах магілёўскага магістрата шмат. Гэта была традыцыя таго часу, чалавек сталага ўзросту прад смерцю абавязкова штосьці дараваў царкве, прыхаджанінам якой ён і з’яўляўся. Таксама было запісана, што не сам Іван Андрэявіч, не яго жонка, не дзеці, не іншыя нашчадкі правоў на гэты пляц не маюць і адказваюцца ад яго назаўсёды.[3, с. 243]
10 сакавіка 1725 года ў кнігі гарадскога магістрата быў запісаны прыві- лей караля Міхала Карыбута Вішнявецкага ад 1672 года, у якім ён пацвердзіў правы Васкрасенскай Далёкай царквы і дазволіў будаваць новую царкву блізка ад вала. Кіраўнікі магістрата у асобе войта Ежы Левашкевіча, бурмістра Міхала Казкевіча, райцаў і лаўнікаў разгледзілі каралеўскі прывілей, які быў пададзены старостамі Васкрасенскай Далёкай царквы шляхетнымі панамі райцам Янам Казлоўскім і Даніэлем Суханка. Яны жадалі запісаць прывілей у кнігі мескія, а свой учынак яны тлумачылі як дзеянне для лепшага людзей набажэнства. У дакуменце было запісана, што новая царква знаходзілася ля вала і брамы ўяздной. Таксама ў дакуменце ўказвалася месца знаходжання царквы Васкрасенскай Далёкай па вуліцы Шклоўскай на грунце атрымленным па смерці лаўніка Анцыпара Вашчанкі, з аднаго боку мяжой з шляхетным Геліашам Автушкевічам райцам, а з другога боку ад вуліцы Зянковічаўскай (завулак Мігая). Згадана ў прывілеі, што святаром у той час у царкве Васкрасенскай Далёкай быў айцец Філоній Сафронавіч. У 1697 годзе кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІ пацвердзіў прывілей 1672 года. У 1750 годзе таксама была патрэба запісаць гэты дакумент у кнігі гарадскога магістрата. Ініцыятарамі гэтага дзеяння былі шляхетныя паны Аляксандр Базаравіч магілёўскі лаўнік і паспаліты магілёўскі Самуэль Воўк. Абодва яны з’яўляліся старостамі царквы Васкрасенскай Блізкай.[12, с. 496-498]
У 1684 годзе згадваецца святар Васкрасенскай царквы Далёкай Ларыён Севасцянавіч, які быў паручыцелем святара Успенскай царквы Юсціна Мікіцініча пры заключэнні дагавора з клірам.[3, с. 380]
У інвентары Магілёва за 1745 год згадваюцца зямельныя уладанні двух цэркваў ў горадзе, у сотнях Астрожскай, Выгонскай, Добрасолаўскай. Прэсбітарам ці святаром Далёкай царквы быў у гэты час айцец Сімеон, а Блізкай Васіль Сапоска. Так, Васкрасенскай Далёкай царкве належыў пляц, на якім жыла Сцяпаніха і даравала яго царкве, а таксама камяніца Данілы Шеўні. Далёкая Васкрасенская царква мела некалькі ўчасткаў зямлі ў Лядзькоўскай сотні: агарод ад Кутлова, грунт ад Міхалкі Шыша, грунт ад Стэфана, гумно ў агародзе Чылікавым і іншыя.[7, с. 175-242]
У царкоўных дакументах за 1766 год таксама ёсць факты аб наяўнасці зямельных ўладанняў. Так, царква Васкрасенская Блізкая мела краму, дараваную Ганнай Воўкавай у 1751 годзе. Царква Васкрасенская Далёкая мела правы на пляц крамны ў рыбнам раду і права на пляц з садам і агародам у сотні Добрасолаўскай. Святарамі царквы Васкрасенскай Блізкай былі Теадор Палікарповіч і Цімафей Трэпізін, а святарамі царквы Васкрасенскай Далёкай з’яўляліся Раман Шухевіч і Аляксандр Янушковіч. Кожны са святароў меў і асобныя зямельныя ўладанні. Так, святары Далёкай царквы мелі пляц ад шляхетнага пана райцы магілёўскага Самуэля Воўка, а другі пляц ад Даніэля і Марыаны Саханоўскіх райцаў магілёўскіх.[6, с. 497-506]
Васкрасенскія цэрквы ў канцы ХУШ стагоддзя былі ў не вельмі добрым стане, асабліва Васкрасенская Далёкая царква. Невыпадкова ўзнікла пытанне аб будаўніцтве новай царквы, але для выканання гэтай задачы не было адпаведных грошаў. Сітуацыю змяніў выпадак. У 1772 годзе магілёўскія землі ўвайшлі ў склад Расіі па першаму падзелу Рэчы Паспалітай, а у 1780 годзе горад наведалі венцаносныя асобы. Імператрыца Расійскай імперыі Кацярына ІІ сустрэлася ў Магілёве з імператарам Аўстрыйскай імперыі Іосіфам ІІ, дзе абмярковывала з ім важныя пытанні знешняй палітыкі. У гонар прабывання Іосіфа ІІ у Магілёве быў закладзены сабор побач з месцам знаходжання Васкрасенскай Далёкай царквы. Сабор пабудавалі толькі праз 18 гадоў і назвалі яго Іосіфаўскім. Царкву перанеслі на могілкі, якія раней называлася Саборныя. Гэтая царква захавала назву Васкрасенская, слова Далёкая фактычна не ўжывалі.[14, с. 175]
У 1812 годзе згадваецца святар Васкрасенскай царквы Андрэй Дабравольскі. Падчас французскай акупацыі ён на літургіі адпраўляў малебны ў гонар расійскага імператара, а не французскага. На допыте Дабравольскі адмаўляў сваю віну.[1, с. ХСІІІ]
У 1820 годзе ў Магілёве зачынілі ордэн іезуітаў, а касцёл іезуітаў Святога Ксаверыя спачатку перадалі ваеннаму ведамству, а з 1828 года праваслаўнай епархіі. Касцёл перарабілі ў праваслаўную царкву і перавялі сюды клір Васкрасенскай Блізкай царквы, слова Блізкая больш не ўжывалі. Пры Васкрасенскай царкве існавала цёплая царква Раства Богародзіцы. А на могілках Васкрасенскай царквы, рэшткі якога знаходзяцца сёння за кінатэатрам “Кастрычнік”, размяшчалася кладбішчанская царква ва імя Святых Казьмы і Дзям’яна.[18, с. 74]
У 1832 годзе пакладзены аклад на Васкрасенскую царкву 500 рублёў, болей чым на астатнія цэрквы.[1, с. ХСХІХ]
З 1853 года Васкрасенскую царкву ўзначальваў протаіерэй і благачынны Патапій Іванавіч Цвербус-Цвёрдый, на святарскай пасадзе з 1849 года. Пры царкве існавала Васкрасенскае гарадское прыходскае вучылішча, дзе настаўнікам дзетак быў святар. Ён таксама ўваходзіў у магілёўскае папячыцельства бедных духоўнага звання. Айцец Патапій меў розныя ўзнагароды: ордэн Святой Ганны 2 стэпені, Святога Уладзіміра 3 стэпені, некалькі наперстачных крыжоў і медалёў. Яго сын Сцяпан Патапавіч Цвербус-Цвёрдый у 1860-х гадах выконваў абавязкі начальніка жаночай гімназіі [8, с. 54; 9, с. 186].
З 1884 года, па іншых звестках з 1879 года, протаіерэям Васкрасенскай царквы быў Фёдар Стэфанавіч Демянцэвіч, на пасадзе святара з 1860 года. Дагэтуль ён служыў святаром Крыжаўздвіжанскай царквы, а пазней пэўны час сумяшчаў пасады ў двух цэрквах. Ён таксама з’яўляўся членам духоўнай консісторыі. З 1903 года святаром тут служыў Сяргей Аляксандравіч Увіцкі, а таксама святаром Васкрасенскай царквы з’яўляўся Міхаіл Леплінскій. Пры царкве існавалі прыют і багадзельня, у 1911 годзе заведываў імі святар Васкрасенскай царквы Сяргей Дарымонтавіч Доўгаполаў. Даўгаполаў служыў тут святаром да 1917 года. Былі прыют і багадзельня і пры царкве на Саборных могілках, узначальваў іх стацкі саветнік Іосіф Антонавіч Семкоўскі, які закончў медыка-хірургічную акадэмію.[10, с. 71-73; 11, с. 53; 12, с. 72, 82; 13, с. 59]
Крыніцы і літаратура:
1.Археографический сборник документов. — Т. 2. — Вильна, 1867. — С. XXIV, ХСШ, XCXIX.
2.ИЮМ. — Вып. 8. — Витебск, 1877. — С. 285-286, 320-323, 420-421.
3.ИЮМ. — Вып. 10. — Витебск, 1879. — С. 243, 380.
4.ИЮМ. — Вып. 12. — Витебск, 1881. — С. 496-498.
5.ИЮМ. — Вып. 15. — Витебск, 1884. — С. 309-313.
6.ИЮМ. — Вып. 16. — Витебск, 1885. — С. 497-508.
7.ИЮМ. — Вып. 30. — Витебск, 1903. — С. 175-242.
8.Адрес-календарь на 1876 год. — , 1876. — С. 54.
9.Памятная книжка Могилевской губернии на 1854 год. — Могилев, 1854. — С. 186.
10.Памятная книжка Могилевской губернии на 1897 год. — Могилев, 1897. — С. 71-73.
11.Памятная книжка Могилевской губернии на 1909 год. — Могилев,
1909.- С. 53.
12.Памятная книжка Могилевской губернии на 1910 год. — Могилев,
1910.- С. 72, 82.
13.Памятная книжка Могилевской губернии на 1911 год. — Могилев,
1911.- С. 59.
14.Без — Корнилович М. О. Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии. — СПб, 1855. — С. 175.
15.Грыгаровіч І. І. Беларуская іерархія. — Мн.: “Бел. Энц.”, 1992. — С.
62-66.
16.Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Мн.: “Бел. Энц”, 2001. — С. 262.
17.Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. — Т. 1. — СПб, 1887. — С. 241-242.
18.Філіповіч І. І. “Міфы і праўда аб Магілёве”. — Магілёў, 1993.- С.74.

М.У. Шымукенус (Магілёў, Беларусь)
ДУА “УПК дзіцячы сад — сярэдняя школа № 42 г. Магілёва”

Источник